У рамках праекта “Гартаючы кнігу Слонімшчыны” у нашай бібліятэцы прайшоў фотакрос па любімым мясцінам Слонімшчыны, у якім актыўна удзельнічалі чытачы бібліятэкі.
Краязнаўчы час «Мой край родной – моя история живая »
06.07.2022 14:12 | Автор: Администратор |
Ко днюнашего города в библиотеке прошёл краеведческий час «Мой край родной –моя история живая ». Библиотекарь Е.А. Якута рассказала легенду о происхождении Слонимаи познакомила с архитектурными памятниками города.
Анатоль Іверс - 110 год з дня нараджэння
18.05.2022 10:57 | Автор: Администратор |
Анатоль Іверс(1912-1999)
Сапраўднае імя Іван Дарафеевіч Міско. Беларускі паэт.
Іван Дарафеевіч Міско нарадзіўся 15 мая 1912 года ў вёсцы Чамяры Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і.
Маці вяла гаспадарку, бацька часта працаваў на будаўніцтве дарог і мастоў. Чытаць і пісаць па-руску навучылі бацькі. Пасля вучыўся ў польскай пачатковай школе.
У 1926 годзе Іван Міско паступіў у Віленскую беларускую гімназію. Тут пачаў знаёміцца з роднай літаратурай. Беларуская паэзія стала для юнака жыццёвым спадарожнікам, і ён сам пачаў пісаць вершы. Але ў 1928 годзекаля сотні вучняў, у тым ліку і Івана Міско, выключылі з гімназіі за падпольную дзейнасць супраць польскіх уладаў. Спробы працягваць вучобу ў Клецкай і Навагрудскай гімназіі былі таксама безвыніковымі. У1931 годзеюны “бунтар” апынуўся ў роднай вёсцы Чамяры пад наглядам польскай паліцыі.З гэтага часу будучы пісьменнік цалкам прысвяціў свой час паэтычнай творчасці. Вершы, каб не ведала паліцыя, хто піша,падпісваў псеўданімам Анатоль Іверс, дома хаваў у саламянай страсе, пасылаў у віленскія беларускія газеты і часопісы (“Беларускі летапіс”, “Калоссе”, “Асва” і інш.).
У 1939 годзе ў Вільні выйшаў з друку першы паэтычны зборнікАнатоля Іверса “Песні на загонах”, які змяшчаў 26 вершаў.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Іван Дарафеевіч працаваў літаратурным работнікам слонімскай раённай газеты “Вольная праца”.У 1940 годзе стаў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Анатоль Іверс стаў адным з арганізатараў падпольнага антыфашысцкага руху на Слонімшчыне. У ліпені 1943 года гітлераўцы пачалі арышты падпольшчыкаў. У рукі СД трапілі сябры-падпольшчыкі Іверса, а таксама жонка Вера Міско. Усе яны загінулі ў лагерах смерці.
Памяці жонкі, замучанай фашыстамі, Анатоль Іверс прысвяціў верш
“Гляджу на лес ”.
Анатолю Іверсу з астатнімі падпольшчыкамі ўдалося дабрацца да партызан. У лесе выдаваў лістоўкі і антыфашысцкую газету „Барацьба”. Быў абраны сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта. Разам з тым, прызначаны намеснікам камандзіра партызанскага атрада імя Ф.Э.Дзяржынскага брыгады імя К.К.Ракасоўскага па разведцы.
У гады вайны ад рук фашыстаў загінулі ўсе родныя паэта: жонку і бацьку Анатоля Іверса вывезлі ў Калдычэўскі лагер смерці і расстралялі. Брат-партызан загінуў у баях з акупантамі.
Жахлівую, прапітаную болем тэму вайны паэт адлюстраваў у сваёй творчасці (“За край”,“Ліст у Нямеччыну”).
Пасля вайны да 1947 года Анатоль Іверс працаваў адказным сакратаром рэдакцыі раённай газеты “Вольная праца”. З 1947 па 1949 гады – сакратаром выканкама Слонімскага гарсавета.Але, нягледзячы на былыя заслугі перад Айчынай, Анатоль Іверс савецкай уладзе «не внушал политического доверия». Таму замест творчай працы паэт з 1949 па 1965 гады працуе спачатку майстрам на смолазаводзе, а потым тэхнолагам лесахімічнага завода.
У 1964 годзеАнатоль Іверс усё ж такі атрымаў партызанскія дакументы,урадавую ўзнагароду.Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі.
У 1966 годзе вярнуўся ў рэдакцыю слонімскай газеты “За перамогу камунізму” (былая “Вольная праца”).
З 1976 да 1984 года працаваў адказным сакратаром раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Вынікам творчага шляху Анатоля Іверса сталі шэсць паэтычных зборнікаў: “Песні на загонах” (1939),„З пройдзеных дарог” (1970), „Жыву ў бацькоўскім краі” (1982), „Я пайшоў бы ўслед за летам” (1987), „Прыдарожныя сосны” (1995), „Травень” (1998).
У кнігу Анатоля Іверса “ Аўсяныя росы” увайшлі выбраныя вершы і ўспаміны, напісаныя ім на працягу шматгадовай літаратурнай дзейнасці.
Шмат вершаў Анатоль Іверс прысвяціў сваёй Слонімшчыне: “Мой горад”, “Слонім – мой родны горад”, “У роднай вёсцы”, “Роднаму краю”, “Па-над Слонімам стыне…”, “Чамяры”, паэма “Вуліца Івана Дабрыяна” і іншыя.
Паэзія Анатоля Іверса з’яўляецца біяграфічнай, носіць адбітак назіранняў і перажыванняў, янанапоўнена бескарыслівай любоўю да Радзімы, да свайго народа, да працоўнага чалавека, да роднага краю,да роднай прыроды, да роднай мовы.
Паэт верыў у светлую будучыню, стваральную працу людзей.
Памёр Анатоль Іверс 26кастрычніка1999 года.
Прэзентацыя кнігі “Камень – бацька і камень-сын”
10.03.2022 09:37 | Автор: Администратор |
У рамках праекта “Гартаючы кнігу Слонімшчыны” філіял “Дзіцячая раённая бібліятэка ” запрасіла ў госці на вечар-сустрэчу “Вытокі чалавечага шчасця” нашага земляка, беларускага паэта, літаратуразнаўца, гісторыка, краязнаўца, перакладчыка, журналіста Сяргея Чыгрына. Сустрэча адбылася з нагоды выхаду новай кнігі пісьменніка “Камень-бацька і камень-сын” (Мінск, “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”), у якую ўвайшлі легенды і паданні Слонімшчыны, Зэльвеншчыны і Дзятлаўшчыны. На сустрэчы прысутнічалі вучні 6 А, 8, 10, 11Б класаў Слонімскай СШ №2.
Перад сустрэчай бібліятэкары арганізавалі выставу кніг пісьменніка, а загадчыца бібліятэкі Таццяна Сявец распавяла настаўнікам і вучням пра творчасць свайго земляка і пра тыя выданні, якія былі напісаны і выдадзены аўтарам за апошнія пяць гадоў.
Сяргей Чыгрын цікава распавёў прысутным пра сваю новую кнігу, пра тое, што сёння неабходна захаваць духоўныя скарбы нашага народа. “Мая кніга, –адзначыў літаратар, –будзе карыснай, цікавай для ўсіх, каму дарагая родная мова і культура. Яна добры знак таго, штозбіральніцкая справа духоўных народных скарбаў у Беларусі працягваецца і яна не заглохла. Гэта свайго роду ўзор для краязнаўцаў, пісьменнікаў, журналістаў і проста для ўсіх беларусаў іншых рэгіёнаў нашай краіны,пачэсны абавязак якіх зрабіць падобнае у сваіх мясцовасцях”.
Вучні, настаўнікі і калектыў бібліятэкі засталіся задаволены цёплай, пазнавальнай сустрэчай з пісьменнікам і даследчыкам роднага краю.
У канцы сустрэчы загадчык бібліятэкі Таццяна Сявец пажадала Сяргею Мікалаевічу творчых поспехаў і плённай працы ў дальнейшым. А таксама, каб з лёгкасцю адкрываў пісьменніку свае таямніцы наш Слонімскі край.
Іван Міско - 90гадоў з дня нараджэння
22.02.2022 15:37 | Автор: Администратор |
Жыццёвая дарога скульптара пачалася на Слонімшчыне. Нарадзіўся Іван Якімавіч Міско 22лютага 1932 года у вёсцы Чамяры Слонімскага раёнаГродзенскай вобласці. Удзяцінстве захапіўся маляваннем. І ў Мінскае мастацкае вучылішча паступіў на аддзяленне жывапісу. Але аднойчы зазірнуў у скульптурны клас і быў уражаны тым, як паслухмяная чулым пальцам чалавека гліна ажывае, ператвараючыся ў аб’ёмны малюнак. Жаданне ствараць аб’ёмныя, а не плоскасныя працы прывяло маладога мастака да рашэння перайсці на скульптарскае аддзяленне. Вучыўся ў Андрэя Бембеля і Аляксея Глебава. У Беларусі да таго часу ўжо склалася свая школа скульптуры. Было ў каго павучыцца, было што пераняць з творчага вопыту старэйшых.
У 1957 г. Іван Міско скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, пасля яго – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер – Беларуская акадэмія мастацтваў). І вось ужо больш за 60 год ён займаецца выключна скульптурай.
А першыя крокі ў творчасці скульптар зрабіў, працуючы ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР (цяпер – Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь).
Уваходжанне ў мастацтва было ў Івана Міско паспяховым. Ён паказвае свае творы на выставах, удзельнічае ў конкурсах. Вядомасць прынеслі манументальныя помнік Маці-патрыёткі Анастасіі Купрыянавай у г. Жодзіна (1975) і Максіму Горкаму ў Цэнтральным дзіцячым парку г. Мінска (1981). Абодва створаны ў садружнасці са скульптарамі М. Рыжанковым, А. Заспіцкім і архітэктарам А. Трафімчуком.
Помнік Маці-патрыёткі – сімвал самаахвярнасці маці, якія не дачакаліся сваіх дзяцей з вайны. На невялікім пастаменце, нібы на парозе роднай хаты, стаіць маці, яна ў роспачы глядзіць услед сынам. Асобна выдзелена постаць малодшага з іх – Пятра Купрыянава. Ён спяшаецца дагнаць старэйшых братоў, але хоча яшчэ раз зірнуць на маці, на родныя мясціны. Тым, хто сузірае помнік, ужо вядома, што гэта ён, Пётр Купрыянаў, закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота, паўтарыўшы подзвіг Аляксандра матросава, пасмяротна стаў Героем Савецкага Саюза.
Арыгінальнае рашэнне тэмы патрыятызму было адзначана. Аўтары скульптурнай кампазіцыі, і сярод іх Іван Міско, былі ўдастоены звання лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі СССР (1977).
Майстэрня – яго творчы цэх, лабараторыя, у якой выспяваюць задумы, месца, дзе ў выніку доўгіх роздумаў нараджаецца новая праца. Гэта і месца дыскусій з калегамі – скульптарамі, архітэктарамі, мастакамі, сустрэч з тымі, хто неўзабаве пачне пазіраваць для новай кампазіцыі. А з цягам часу майстэрня стала нагадваць музей касманаўтыкі.
На многіх паліцах – скульптурныя партрэты касмічных падарожнікаў у скафандрах і гермашлемах. Тутнямала і кампазіцый на касмічную тэму. Вось чалавек у скафандры ўпэўнена крочыць па зямным шары, вось цэлы экіпаж накіроўваецца на працу сярод зорак, а вось касманаўт парыць над мудрагеліста выгнутай дугой арбіты.
Бронзавыя статуі, навеяныя фантазіяй мастака. А яшчэ ёсць эцюды, малюнкі, медалі, нават маскі-адліўкі некаторых касманаўтаў, іх аўтографы на паперы і ў пластыліне. На дзвярах кабінета рознакаляровымі фламастарамі захаваны аўтографы касманаўтаў, якія пазіравалі скульптару.
Вось ужо больш за 60 гадоў Іван Якімавіч Міско нязменна адданы тэме асваення касмічнай прасторы. Адлік яго захапленню ідзе з 4 кастрычніка 1957 года, з таго памятнага дня, калі на калязямной арбіце з’явіўся першы штучны спадарожнік планеты. 29-гадоваму скульптару, рамантыку па натуры, захацелася дакрануцца да такой незвычайнай тэмы. Калі было абвешчана аб запуску, ён у творчым парыве намаляваў чалавека, які адпраўляе ў палёт першы спадарожнік. Гэты малюнак быў надрукаваны ў рэспубліканскай газеце “Калгасная праўда” 18 кастрычніка 1957 г.
Услед за першым спадарожнікам паляцелі другі, трэці, а потым і першы зямлянін Юрый Аляксеевіч Гагарын, за ім – Герман Цітоў, Андрыян Нікалаеў, Павел Паповіч.
Трагічная гібель Юрыя Гагарына 27 сакавіка 1968 г. болем адгукнулася ў сэрцах людзей ва ўсім свеце. У дзень яго пахавання, калі па радыё ў майстэрні гучала жалобная музыка, Іван Якімавіч працаваў над скульптурным партрэтам першага касманаўта. За адзін дзень, не адыходзячы ад станка, ён пачаў і завяршыў гэтую працу.
Скульптурны бюст Юрыя Гагарына паклаў пачатак цэлай галерэі партрэтаў герояў космасу. У 1967 г. Іван Міско атрымаў ганаровы заказ на выраб бюста першага касманаўта-беларуса, двойчы Героя Савецкага Саюза Пятра Клімука, які было вырашана паставіць у яго на радзіме – у Брэсце. Пазіраваць Пётр Клімук прыязджаў у Мінск, але паездкі гэтыя не маглі быць частымі з-за вялікай занятасці касманаўта – ён рыхтаваўся да трэцяга палёту на калязямную арбіту. Вось тады і атрымаў Іван Міско запрашэнне прыехаць у Зорны гарадок. Там працягнулася праца над бюстам Пятра Клімука, які неўзабаве быў адкрыты.
А тым часам у касмічнай прасторы пабываў другі касманаўт-беларус – Уладзімір Кавалёнак. І яго скульптурны бюст, які быў усталяваны ў раённым цэнтры Мінскай вобласці, пасёлку Крупкі, таксама выкананы Іванам Міско.
У Зорным гарадку Іван Якімавіч пазнаёміўся і з іншымі касманаўтамі, назіраў за іх трэніроўкамі, сустракаў пасля палётаў, бываў у гасцях. Зорны гарадок стаў для яго другім домам, майстэрняй, крыніцай натхнення. Менавіта там нараджаліся спачатку эскізы ў пластыліне, а затым і скульптурныя партрэты Міраслава Гермашэўскага, Арнальда Тамайа Мендэса, Зігмунда Йена, Ракеша Шармы, Жугдэрдэмідзійна Гурагчаа, Фам Туана, Мухамеда Ахмеда Фарыса, Жана-Лу Крэцьена, Дцмітру Дарын Прунарыу, Кладзі Андрэ-Дээ, Хелен Шармэн – першых касманаўтаў Польшчы, Кубы, ГДР, Індыі, Манголіі, В’етнама, Сірыі, Францыі, Румыніі і іншых краін.
У яго майстэрні з’явіліся працы, прысвечаная першаму журналісту ў космасе – японцу Таяхіра Акіяма, першаму чалавеку, які выйшаў у адкрыты космас, - Аляксею Лявонаву.
Ужо не адзін раз звяртаўся Іван Якімавіч і да вобразу Ганны Цімафееўны Гагарынай. Сярод іх – скульптурная кампазіцыя “Маці герояў”, дзе Ганна Цімафееўна сядзіць на лавачцы і гутарыць з Марфай Паўлаўнай Клімук, Вольгай Іванаўнай Кавалёнак і Анастасіяй Фамінічнай Купрыянавай. Чатыры маці герояў – чарыры лёсы… Да стагоддзя з дня нараджэння Ганны Цімафееўны Гагарынай Іван Міско завяршыў працу над новым партрэтам маці першага касманаўта і скульптурнай кампазіцыяй, таксама прысвечанай ёй. Яму хацелася ўвасобіць у пэўным вобразе абагульненыя рысы асобы Маці, Жанчыны, за якімі паўстае ўяўленне пра Эпоху, Час, Лёс.
РаботыІвана Міско, звязаныя з касмічнай тэмай, устаноўлены ў розных краінах: кампазіцыя “Разам на зямлі і ў космасе”, прысвечаная сумеснаму палёту В. Быкоўскага і З. Йена, - у нямецкім горадзе Патсдаме; кампазіцыя ў азнаменаванне палёту П. Клімука і М. Гермашэўскага – у Віцебску; барэльефы ў гонар С. Каралёва і Ю. Гагарына – у Зорным гарадку; пантэон сям’і Гагарыных у іх родным горадзе; надмагілле касманаўта Г. Берагавога на Новадзявочых могілках у Маскве. Прымаючы ўдзел у Міжнародным пленэры па скульптуры ў Ліване ў 2000 г., Міско стварае з мармуру скульптурную кампазіцыю “Космас”, якая ўпрыгожвае адзін з паркаў у горадзе Алія.
Скульптар зрабіў нямала памятных медалёў у гонар юбілеяў касмічных палётаў, а таксама прысвечаных касманаўтам і астранаўтам рознага роду памятных знакаў, плакетак, так званай дробнай пластыкі. Гэта – своеасаблівая гісторыя касманаўтыкі, адлюстраванне яе здзяйсненняў.
23 кастрычніка 2012 г. на калязямную арбіту адправіўся новы экіпаж, які ўзначаліў трэці касманаўт-беларус – Алег Навіцкі. Вылепіць яго вобраз – увайшло ў планы скульптара. А 2 снежня 2012 г. Іван Якімавіч быў узрушаны тэлефонным званком касманаўта Навіцкага – адбылася прамая сувязь з Космасам! Гутарка не зацягнулася: касманаўта чакала праца. А Майстар вярнуўся да сваёй працы – касмічная тэма павінна працягвацца!
У творчых задумках Івана Міско і цяпер ёсць шмат касмічных сюжэтаў.
Беззапаветнае і натхнёнае служэнне І. Міско сваёй справе неаднаразова адзначалася ўзнагародамі – ордэнамі, медалямі, дыпломамі і ганаровымі граматамі. Ён з’яўляецца заслужаным дзеячам мастацтваў Беларускай ССР (1989), лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР (1977). Землякі абралі яго ганаровым грамадзянінам г. Слоніма і Слонімскага раёна. За значны ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва, дасягненні ў галіне станковай і манументальнай скульптуры ў 2002 г. ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У 2008 г. яму было прысвоена высокае званненароднага мастака Рэспублікі Беларусь.
Касмічная тэма – не адзіная ў творчасці Івана Міско. Ён стварыў нямала партрэтаў прадстаўнікоў самых розных прафесій – канструктара, Героя Беларусі Міхаіла Высоцкага, калегі-скульптара Мікалая Бельскага, народнага артыста Генадзя Аўсянікава, дырыжора Віктара Роўды, збіральніка песеннага фальклору Рагора Шырмы, алімпійскіх чэмпіёнаў Алены Бяловай і Аляксандра Мядзведзя. Ёсць і прадстаўнікі пісьменніцкага цэха – Францыск Скарына, Янка Купала, Якуб Колас, Мікалай Аўрамчык, Алег Лойка, Анатоль Іверс, Уладзімір Караткевіч, Максім Горкі, Міхаіл Чванаў. Тройчы звяртаўся Іван Міско да скульптурнай выявы народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна. У Дзень беларускага пісьменства ў 2012 г. у г. Глыбокім быў адкрыты бюст заснавальніка беларускага тэатра Ігната Буйніцкага. У гэтым жа годзе ў Вільні адкрыта мемарыяльная дошка на доме, у якім працаваў у рэдакцыі “Нашай нівы” народны пісьменнік Беларусі Якуб Колас.
Больш за год доўжылася праца Івана Міско над помнікам рускаму пісьменніку Сяргею Аксакаву, які быў усталяваны на яго радзіме, каля радавой сядзібы пісьменніка ў Надзеждзіна (Башкартастан, Расія) і адкрыты 24 верасня 2010 г. Гэтую працу скульптара ў Башкартастане адзначылі дыпломам Міжнароднага фонду славянскага пісьменства і культуры і медалём Кірылы і Мяфодзія.
Аб планах Іван Якімавіч казаць не любіць, але іх у ягозаўсёды шмат. Мара зрабіць помнік для роднага горада Слоніма ў скульптара здзейснілася.
У 80-гадовы юбілей Івана Якімавіча Федэрацыя касманаўтыкі Расіі прыняла рашенне ўзнагародзіць Івана Міско “за вялікі ўклад у прапаганду гісторыі і дасягненняў сусветнай касманаўтыкі” медалём “За заслугі” і ордэнам Юрыя Гагарына. А ўручаў узнагароды прэзідэнт Федэрацыі касманаўтыкі Расіі Уладзімір Кавалёнак. Ён адзначыў, што “Міско – адзіны ў свеце скульптар, які на працягу ўсёй гісторыі касмічных палётаў нязменна адданы ў сваёй творчасці тэме асваення касмічнай прасторы.”
Усе свае працы скульптар перадаў гораду Мінску. Майстэрня Івана Міско набыла новы статус – яна ўключана ў структуру Музея гісторыі г. Мінска, і першы супрацоўнік – сам скульптар. У гэтым памяшканні Іван Якімавіч працягвае працу над новымі творамі, а ў кожнага наведвальніка майстэрні-музея ёсць магчымасць дакрануцца да таямніц творчасці мастака.